Установа культуры «Мастоўскі дзяржаўны музей „Лес і чалавек“»

Мастоўскі дзяржаўны музей «Лес і чалавек» — адзіны музей экалагічнага профілю ў Гродзенскай вобласці. Быў заснаваны у 1985 г., а адкрыўся для наведвальнікаў у 1991 г. Прыродаахоўны і экалагічны кірункі ў дзейнасці музея з'яўляюцца прыярытэтнымі, таму што галоўнае багацце Мастоўшчыны — Ліпічанская пушча.

Музей мае 4 экспазіцыйныя і выставачную залы. Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў з промысламі і рамёствамі, якія звязаны з лесам, з гісторыяй узнікнення горада і прадпрыемства «Мастоўдрэў», з жывёльным і раслінным светам роднага краю. У залах і фондах музея беражліва захоўваюцца арыгіналы матэрыяльнай культуры мінулага. Збор музея на 01.01.2024 г. складае 8826 адзінкі захоўвання. З іх 4265 — асноўны фонд. Найбольшую цікавасць выклікае скарб манет пачатку XVII ст., знойдзены ў ваколіцах Мастоў, мастоўскі жаночы строй, вялікая калекцыя вырабаў з дрэва.

Штогод музей праводзіць раённы конкурс «Экалогія. Чалавек. Будучае» паміж вучнямі ўстаноў адукацыі Мастоўскага раёна, які ў 2012 г. выйшаў на ўзровень міжраённага. Дзейнічае культурна-адукацыйная праграма «Дрэва Жыцця». Наведвальнікам прапануюцца тэатралізаваныя мерапрыемствы «Калядкі — добрыя святкі!» «Вялікдзень».

УК «Мастоўскі дзяржаўны музей „Лес і чалавек“» стаў пераможцам сярод усіх устаноў культуры Мастоўскага раёна, за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-культурным развіцці ў 2023 годзе.