
11 красавіка ў Мастоўскім музеі “Лес і чалавек” адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Святло Вялікадня”, падрыхтаванай супрацоўнікамі музея да галоўнага хрысціянскага свята.
На выставе прадстаўлены іконы, складні, напрастольныя крыжы, драўляныя пано з выявамі евангельскіх падзей, а таксама прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – яйкі-пісанкі і выцінанкі.
Усе гэтыя прадметы – з уласных фондаў нашага музея і захоўваюцца тут, пачынаючы з 1994 года. Менавіта ў гэтым годзе Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеем былі перададзены іконы і складні канца ХІХ - пачатку ХХ стст, канфіскаваныя на граніцы.
Цэнтральным экспанатам выставы з’яўляецца драўлянае пано “Уваскрасенне”, аўтар якога – мастаўчанін Гуцалаў Валянцін Іванавіч.
Гасцямі мерапрыемства сталі пратаіерэй Уладзімір Мазгоў, матушка Наталля Мазгова і выхаванцы Нядзельнай школы храма Святога прарока Іллі г.Масты.