
"Дажынкі" – свята працы і ўраджаю, якое сімвалізуе адзінства людзей, іх працавітасць і адданасць зямлі. З даўніх часоў гэта свята азначала канец жніва і гарачай уборачнай пары, таму і святкавалі яго заўсёды з размахам. Менавіта так і адбылося на мастоўскай зямлі. Мастаўчане і госці нашага горада запомняць яго на доўгія гады, як і фестываль “Дажынкі-1997”, дзякуючы цікавым лакацыям, мерапрыемствам і станоўчым эмоцыям на тэматычных пляцоўках. Звонкія галасы раздаваліся з розных падворкаў і падымалі настрой. Кубачак цеплай гарбаты з лекавых зёлак саграваў гасцей музейнага дворыка “Ад зярнятка да матчынага хлеба”. Дэгустацыя самай рознай прадукцыі на свяце давала сілы, каб не аставіць без увагі кожную пляцоўку і паглядзець цікавыя канцэртныя праграмы. Спадзяёмся, што ўтульнасць, маляўнічасць і гасціннасць жыхароў нашага горада прымусіць вярнуцца сюды яшчэ не раз.