У музеі прайшло мерапрыемства, прысвечанае Тыдню бацькоўскай любові

У нашай краіне з 14 па 21 кастрычніка праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові. Дзве важныя даты - Дзень маці і Дзень бацькі- маштабна святкуюцца жыхарамі Беларусі. Першая супадае са святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы і святкуецца 14 кастрычніка, а другая - Дзень бацькі - адзначаецца 21 кастрычніка.

На працягу гэтага тыдня мы асабліва ўшаноўваем бацькоў, выказваем ім сваю павагу і ўдзячнасць, бо няма больш пачэснай і больш цяжкай ролі ў жыцці чалавека, чым роля маці і бацькі. Выхаванне дзяцей патрабуе поўнай самааддачы, нават самаахвяравання. Бацькі ўкладваюць у дзяцей усю душу, сілы, здароўе, фізічнае і душэўнае. Яны перадаюць ім каштоўны жыццёвы вопыт і неабходныя навыкі.

У рамках Тыдня бацькоўскай любові супрацоўнікі Мастоўскага музея “Лес і чалавек” падрыхтавалі святочнае мерапрыемства “Мае бацькі – надзейных два крыла”. Гасцямі мерапрыемства сталі сем’і мастаўчан, якія выхоўваюць траіх і болей дзяцей.

Афіцыйную частку мерапрыемства адкрыла дырэктар музея Пуцілоўская Н.А.. На ёй прысутнічалі намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Давыдзік М.В., дырэктар ДУ “ЦСОН Мастоўскага раёна” Мялешка А.В.. Намеснік старшыні райвыканкама Давыдзік М.В. ўручыла сем’ям, у якіх нарадзілася трэцяе дзіця, пасведчанні шматдзетнай сям’і.

Затым госці перайшлі ў залу, дзе з дапамогай вядучых акунуліся ў атмасферу сялянскага быту канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Дарослыя і дзеці даведаліся аб тым, як жылі нашы продкі, як вялі гаспадарку, як размяркоўвалі абавязкі ў сям’і, як выхоўвалі дзяцей. Удзельнікі мерапрыемства выконвалі разнастайныя заданні, звязаныя з абавязкамі мужчын, жанчын і дзяцей ў сям’і: вызначалі, якімі прыладамі працы карысталіся ў той час, “капалі” бульбу, спасцігалі мудрасць народнай педагогікі.

Таксама супрацоўнікі музея падрыхтавалі для гасцей і пачастунак – гарбату з лясных зёлак і духмяны хатні хлеб, амаль такі, які пяклі нашы продкі.

У час мерапрыемства прагучала шмат добрых, паважлівых і ласкавых слоў у адрас бацькоў. Спадзяёмся, што яны будуць гучаць не толькі ў час святаў, але і далей – кожны дзень.

Нашы бацькі – нашы надзейныя крылы. І колькі б не было чалавеку гадоў, ён шчаслівы, калі ў яго жывыя бацькі. Паважайце сваіх бацькоў, беражыце іх!

883