Запісная кніжка партызана з'явілася ў фондах музея

Дванаццаць пажаўцелых лістоў, сшытых уручную грубай ніткай. Загнутыя і надарваныя старонкі. Запісы, зробленыя простым алоўкам. Менавіта такую запісную кніжку прынёс у музей жыхар г.Масты Воўк Анатолій Міхайлавіч. Мы спачатку і не зразумелі, што ў гэтых запісах – частка жыцця і лёсу партызана. Запісную кніжку беражліва захоўвала маці Анатолія Міхайлавіча – Зінаіда Максімаўна. Кніжка – памяць аб браце Вікенціі, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў удзельнікам партызанскага руху.

Анатолій Міхайлавіч расказаў нам гісторыю не толькі свайго дзядзькі Тоўсціка Вікенція, але і паведаў аб трагічным лёсе сям’і сваёй маці, восем чалавек з якой былі расстраляны фашыстамі 17 снежня 1942 года. Былі забіты бацька, маці, шасцёра дзяцей, як сям’я партызан. Дзве дзяўчынкі – Зіна і Марыя цудам выжылі, некаторы час пасля трагедыі жылі ў партызанскім атрадзе, а потым – у разбуранай бацькоўскай хаце. Двое старэйшых сыноў Вікенцій і Фёдар ваявалі ў той час ў партызанскім атрадзе, які базіраваўся ў Ліпічанскай пушчы. Вікенцій загінуў у партызанах у 1943 годзе, Фёдар – у 1944 годзе на фронце.

Вось так, дзякуючы нераўнадушным сваякам у сям’і жыла памяць аб блізкіх, якія аддалі сваё жыццё за перамогу. І будзе жыць далей. Ужо і ў музеі. А запісы ў кніжцы партызана супрацоўнікі і наведвальнікі будуць яшчэ не раз чытаць, як напамін аб важным – аб міры і аб тым, якую цану заплацілі за яго нашы продкі.

1025